Закладнікі, якіх захапіў тэрарыст у сінагозе Кангрэгацыі Бэт Ізраіль у Колівілі, штат Тэхас, выратаваныя. Нападнік быў застрэлены.
«Нашыя малітвы былі пачутыя. Усе закладнікі жывыя і ў бяспецы», — напісаў губернатар Эбат у Twitter.
Як паведамляе New York Times, напад меў месца падчас трансляцыі на старонкі кангрэгацыі ў Facebook, якая пачалася ў 10 раніцы па мясцовым часе. На запісе можна было пачуць, як у сінагогу ўварваўся чалавек, які пачаў крычаць пра смерць, і што яму не падабаецца паліцыя.
Сведкі здарэння выклікалі паліцыю, якая высветліла, што тэрарыст захапіў чатырох закладнікаў, у тым ліку рабіна Чарлі Сітрон-Уокера.
«Мужчына сцвярджаў, што мае зброю і выбухоўку, і ўзяў рабіна і яшчэ некалькіх чалавек у закладнікі ў сінагозе. (...) Ён запатрабаваў сустрэчы са сваёй «сястрой», якая ў цяперашні час знаходзіцца пад вартай у федэральным зняволенні за тэрарыстычныя акты ў Афганістане. (...) Мужчына сцвярджаў, што ён і яго сястра адправяцца ў Джанну (мусульманскае неба) пасля таго, як пабачацца», — напісала газета са спасылкай на Дэпартамент грамадскай бяспекі Тэхаса.
Апроч таго, як паведамляюць крыніцы ABC News, падазраваны запатрабаваў вызвалення вядомай тэрарысткі Аафіі Сідзікі, якая адбывае 86-гадовы тэрмін зняволення ў ЗША за напады на салдат і агентаў ФБР у 2010 годзе.
Амерыканскія СМІ паведамляюць, што паліцыя атачыла сінагогу пры падтрымцы Федэральнага бюро расследаванняў. Агенты ФБР вялі перамовы з выкрадальнікам на працягу некалькіх гадзін. Прыблізна а 17.00 выкрадальнік вызваліў аднаго з закладнікаў. Пазней была праведзеная акцыя вызвалення рэшты закладнікаў, тэрарыст быў застрэлены.
PAP/юл